Божа, паспагадай усім,
- I магутнаму, і слабому,
I відушчаму, і сляпому,
Каб у згодзе жылося ім.
Божа, паспагадай усім,
- Каб вайной не йшоў Брат на брата,
Каб ржавела сякера ў ката,
Каб вячэраю пахнуў дым.
Божа, паспагадай усім,
- Каб цяплелі пагляды людзкія,
Каб у старца не кралі кія,
Нічыіх не кралі радзім.
Да любові, да чысціні,
Да святла, да святога ўлоння,
Усявышні, і заўтра і сёння
Заблуканыя душы вярні!

Рыгор Барадулін