Памолімся ўсім беларускім светам

http://s8.uploads.ru/t/DdUM1.jpg

Глухому не раскажаш, як пяе салоўка, сляпому не пакажаш, як узыходзіць над салаўіным спевам сонца.
А духоўна глухому, духоўна сляпому ды яшчэ й бязмоўнаму не давядзеш,
што Рыгор Барадулін — гэткі самы цуд, як салаўіны спеў і ўзыход сонца...
Але ёсць, дзякуй Богу, людзі не сляпыя і не глухія.
Ёсць беларусы не бязмоўныя, якія развітваюцца гэтымі днямі з паэтам незвычайнай моцы і красы,
з чарадзеем беларускага слова — і разумеюць,
з кім яны развітваюцца. Як разумелі гэта беларусы, развітваючыся з Багдановічам, Купалам, Коласам...
Першыя — Купала, Колас, Багдановіч — назаўсёды застануцца імі па праву першых. Ды ўжо сёння відавочна:
Барадулін сярод іх — роўны сярод роўных.
Роўных яму няма сярод сучаснікаў. Ён адзіны, хто здолеў, як і першыя, увабраць у сябе ці не ўсю беларускую спрадвечнасць.
Увесь народны дух.
Народ, як і паэт, якому ён прыналежыць, роўны сярод роўных толькі на сваёй зямлі з усім сваім.
Са сваёй гісторыяй і будучыняй, са сваёй мовай,
на якой чуе нас Бог — і ці прымае, ці не прымае нашы малітвы.
Памолімся ўсім беларускім светам за супакой душы вялікага нацыянальнга паэта,
аднаго з найгодных сыноў беларускай зямлі і беларускіх нябёсаў...
У.Някляеу