http://www.belpatriot.by/wp-content/uploads/2017/10/%D1%84%D0%BE%D0%BA1.jpg

Многія жыхары гарпасёлка і раёна сталі сведкамі ўрачыстай цырымоніі адкрыцця ў райцэнтры фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Юнацтва-Ушачы”, а сотні за прайшоўшы з гэтага моманту непрацяглы час трапілі ў лік яго наведвальнікаў. Гэтага аб’екта з нецярплівасцю чакалі ўсе. Мелася ў нас зала для гульнявых відаў спорту, некалькі гадоў таму для наведвальнікаў адчыніла дзверы трэнажорная зала, але людзі марылі аб басейне. А вынікі пяцігадовай працы будаўнікоў пераўзышлі ўсе чаканні ўшачан.
Фізкультурна-аздараўленчы комплекс стаў сапраўдным упрыгожаннем гарпасёлка і ў літаральным сэнсе слова злучыў два маладыя мікрараёны – лічаныя гады таму паміж шматпавярхоўкамі вуліцы Віцебскай і індывідуальнай забудовай самай маладой вуліцы Лабанка была пустэча. З нядаўняга часу гэта месца стала адным з самых прывабных для прагулак жыхароў Ушач, бо добраўпарадкаванне вялікай тэрыторыі вялося паралельна з будоўляй і на тым месцы, дзе раней квакалі жабы і рос чарот, праляглі акуратныя дарожкі, з’явіліся асфальтаваныя пляцоўкі, лавачкі і малыя архітэктурныя формы. Дата ж уводу ў эксплуатацыю самога будынка комплексу некалькі разоў пераносілася – работы ішлі няпроста, бо аснашчалася памяшканне па апошнім слове тэхнікі, з прымяненнем перадавых матэрыялаў.
Ацаніць зробленае ў мінулую пятніцу змаглі і госці ўрачыстага адкрыцця. Сярод самых ганаровых – старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка, старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Мікалаевіч Шарснёў, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Уладзіміравіч Цярэнцьеў, начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Васіль Аляксеевіч Захарэвіч, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў ад Ушацкай выбарчай акругі, генеральны дырэктар Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Сяргей Аляксандравіч Даніловіч, прадстаўнікі шматлікіх будаўнічых арганізацый, якія былі задзейнічаны на аб’екце. Сустракалі іх старшыні райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка, раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка, члены раённага выканаўчага камітэта. Асаблівым момант адкрыцця стаў і для намеснікаў старшыні райвыканкама Андрэя Вітальевіча Галяковіча – будоўля пяцігодкі скончана, і Наталлі Мікалаеўны Марковіч – сацыяльная сфера, якую яна курыруе, папоў­нілася, безумоўна, стратэгічным аб’ектам.
Спраектаваў яго Наваполацкі філіял інстытута “Віцебскграмадзянпраект”, а генеральным падрадчыкам выступала КУП “Полацксельбуд”. Падчас будоўлі на работу ва Ушачы акрамя мясцовай ПМК-66 прыязджалі брыгады з Глыбокага, Шаркаўшчыны, Полацка, іншых раёнаў Віцебшчыны і субпадрадчыкі з-за яе межаў.
Аб тым, што фізкультурна-аздараўленчы комплекс павінен стаць прыцягальным аб’ектам не толькі для жыхароў Ушач, а і ўсяго рэгіёна, казаў падчас свята У.П.Андрэйчанка. “Па сваім функцыянальным значэнні і па абсталяванні – гэта ўнікальны аб’ект. На будаўніцтва плошчаў у 6 тысяч квадратных метраў затрачана 14 мільёнаў рублёў. Трэнажорная зала, зала гульнявых відаў спорту, дзе можна займацца валейболам, баскетболам, гандболам і іншымі гульнявымі відамі, басейн, які адпавядае патрабаванням міжнароднай федэрацыі плавання, дазваляюць прымаць спаборніцтвы самага высокага ўзроўню”. Уладзімір Паўлавіч, пры непасрэднай падтрымцы якога і будаваўся аб’ект, адзначыў, што фізкультурна-аздараўленчы комплекс для Ушач  не толькі спорт і здароўе, а і некалькі дзясяткаў працоўных месцаў, вырашэнне праблемы водазабеспячэння, бо існуючая сістэма закальцаваная з новай свідравінай. “Гэта вялікі падарунак ад дзяржавы жыхарам Ушач і Ушацкага раёна”, – падвёў вынік свайму выступленню спікер беларускага парламента. Ён падзякаваў усім будаўнікам, якія шчыравалі на аб’екце, адзначыў значны ўклад Глыбоцкай ПМК-48 і асобна выдзеліў дапамогу ў арганізацыйных пытаннях былога намесніка старшыні аблвыканкама Віктара Леанідавіча Пятрушы, які зараз узначальвае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Галоўбудэкспертыза” і які кантраляваў работы, праводзіў штабы. Без яго ўдзелу, па словах У.П.Андрэйчанкі, уводу комплексу ў эксплуатацыю магло пакуль і не быць.
У 2016 годзе аб’ект быў унесены ў план па рэалізацыі дзяржаўнай праграмы “Беларусь гасцінная” на 2016-2020 гады і ў рэгіянальную праграму інавацыйнага і інвестыцыйнага развіцця Віцебскай вобласці на 2016-2020 гады па Ушацкім раёне. Такім чынам, узводзіўся комплекс за сродкі рэспубліканскага, абласнога і раённага бюджэтаў. Трэба адзначыць і той факт, што каля 600 тысяч бюджэтных рублёў ад праектнага кошту ўдалося зэканоміць пры будаўніцтве сістэмы водазабору і станцыі абезжалезвання, прыкладна такую ж суму – дзякуючы граматным інжынерным рашэнням і ўдала праведзеным Глыбоцкай ПМК-48 таргам пры ўзвядзенні металаканструкцый сцен. А ўсяго будоўлю правялі прыкладна на 1,4 мільёна рублёў танней каштарыса – зэканомлена каля 10 працэнтаў бюджэтных сродкаў ад агульнага кошту аб’екта, якія будуць накіраваны на фінансаванне іншых значных праектаў. У тым ліку і за гэта В.Л.Пятруша і дырэктар ПМК-48 Сяргей Пятровіч Кожух былі адзначаны Падзякамі старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Госці, як водзіцца, прыехалі не з пустымі рукамі. М.М.Шарснёў уручыў дырэктару Ушацкай ДЮСШ Святлане Мікалаеўне Фядосенка сертыфікат на набыццё спартыўнага абсталявання. Губернатар Віцебшчыны павіншаваў ушачан са святам і выказаў меркаванне, што такому аб’екту пазайздросцілі б не толькі ў абласных цэнтрах, а і ў сталіцы. Універсальная зала на 228 месцаў мае нават скаладром вышынёй 11 метраў, а ў басейне воднымі аздараўленчымі працэдурамі могуць займацца і людзі з абмежаванымі магчымасцямі – для іх зманціраваны спецыяльны пад’ёмнік. Для памяншэння глыбіні і правядзення трэніровак з самымі маленькімі наведвальнікамі ўчастак басейна мае пад’ёмнае дно, у памяшканні ўстаноўлена электроннае табло. У распараджэнні прыхільнікаў здаровага ладу жыцця і сауна, па самых сучасных стандартах абсталяваны канферэнц-зала на 60 месцаў, інтэрнат для спартсменаў, разлічаны на каманду з 18 чалавек, створаны камфортныя ўмовы для заняткаў шэйпінгам, барацьбой, настольным тэнісам, для наведвальнікаў комплексу працуе кафэ на 30 месцаў. “Сёння на свяце шмат дзяцей, – зазначыў М.М.Шарснёў. – І гэта вельмі добра, бо заняткі спортам з маленства фарміруюць такія якасці, як мужнасць, цярпенне, сілу волі, вучаць дабівацца пастаўленай мэты. Гэтыя рысы характару дапамагаюць у любой справе”. Кіраўнік выканаўчай улады Віцебшчыны дадаў, што такая зала павінна вырошчваць спартсменаў высокага класа, прафесіяналаў і пажадаў каб у сценах “Юнацтва-Ушачы” з’яўляліся чэмпіёны, якія праславяць Ушаччыну, вобласць і ўсю нашу краіну.
Ад імя ўсіх ушачан словы ўдзячнасці гасцям і ўсім, хто меў дачыненне да з’яўлення ў нашым гарпасёлку ўльтрасучаснага спартыўнага аб’екта, выказаў У.Г.Аўдошка. “Складана пераацаніць тое, што мы зараз бачым перад сабой, – казаў Уладзімір Генадзьевіч. – Зараз наша задача – каб гэты комплекс нагадваў мурашнік, каб тут кіпела спартыўнае жыццё. Упэўнены, што гэта будзе адным з улюбёных месцаў адпачынку землякоў”. Таксама ён адзначыў, што чырвоная стужка для спартсменаў азначае фініш, а для нашага фізкультурна-аздараўленчага комплексу – гэта старт. “Паклон будаўнікам за такі аб’ект”, – дадаў старшыня райвыканкама.
Генеральны дырэктар “Полацксельбуда” Аляксандр Міхайлавіч Сямёнаў перадаў сімвалічны ключ С.М.Фядосенка, а неўзабаве знікла і апошняя “перашкода” на шляху гасцей у памяшканне – пасля пераразання сімвалічнай стужкі для ўсіх правялі азнаямленчую экскурсію па комплексе. “Спакайней, не хвалюйся!” – падбадзёрваў намесніка дырэктара Ушацкай ДЮСШ Сяргея Генадзьевіча Кіслага губернатар – Мікалай Мікалаевіч заўзяты аматар спорту, таму цікавіўся літаральна ўсім. Зрэшты не адставалі ад яго і засыпалі пытаннямі супрацоўнікаў комплексу і астатнія госці. Яны некаторы час паназіралі з трыбун за ўдзельнікамі турніру па дзюдо, паразмаўлялі з першымі наведвальнікамі трэнажорнай залы і басейна, якія былі ў захапленні і выказвалі шчырыя словы ўдзячнасці за магчымасць займацца фізкультурай і спортам у такіх умовах. Гасцямі мерапрыемства сталі і прадстаўнікі некалькіх спартыўных федэрацый. Напрыклад, знакаміты ў недалёкім мінулым беларускі дзюдаіст, чэмпіён Еўропы і віцэ-чэмпіён свету Сяргей Шундзікаў высока ацаніў трэнажорную залу і нават на ўласным прыкладзе паказаў У.П.Андрэйчанку, М.М.Шарснёву і С.В.Захарэвічу прынцып работы некаторых механізмаў, бо ўстаноўленае тут абсталяванне дазваляе адначасова прымаць трыццаць чалавек і некаторыя трэнажоры былі для першых наведвальнікаў у навіну. У тым, што на базе “Юнацтва-Ушачы” можна годна праводзіць вучэбна-трэніровачныя зборы каманд майстроў па самых розных відах спорту, упэўніліся і прадстаўнікі федэрацый гандбола і плавання. “Сапраўдная жамчужына!” – у захапленні характарызавалі комплекс госці і іншыя ўдзельнікі адкрыцця, якія вельмі хутка запоўнілі шматлікія памяшканні і з цікавасцю разглядалі ўнутранае аздабленне аб’екта.
А пуставаць ён не будзе, гэта было бачна ўжо на наступны дзень. На комплекс ішлі не толькі ўшачане, а і пад’ехалі некалькі чалавек з Лепельскага раёна, ацаніць новы басейн вырашылі і некаторыя навапалачане – нават не верыцца, што зусім нядаўна жыхары нашага раёна ўзімку ездзілі плаваць менавіта ў горад нафтавікоў. Зараз жа, дзякуючы ўвазе дзяржавы да развіцця фізічнай культуры і спорту, водныя працэдуры і магчымасць весці здаровы лад жыцця круглы год даступны і людзям невялікіх сельскіх раёнаў.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.  (Газета "Патрыёт")

Отредактировано ФЛЁР (2017-10-15 23:49:23)