24 лютага мы адзначым васьмідзесяцігоддзе Рыгора Барадуліна. Народны паэт Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР,
кавалер ордэнаў Дружбы народаў і “Знак Пашаны”, ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна. Намінант на Нобелеўскую прэмію
за зборнік вершаў ”Ксты”. Аўтар паэзіі, прозы, эсэ. Вялікі майстар слова.
Люблю перачытваць першыя зборнікі вершаў Рыгора Барадуліна. Спачатку прыгадваю, як набывала іх у нашым кніжным магазіне,
якога даўно ўжо няма. Як прыносіла ў рэдакцыю, зачытвала сваім старэйшым сябрамгазетчыкам, як дома ставіла на паліцы над ложкам
і часам па выхадных днях туды заглядвала. Усё ў яго вершах было мне зразумела і блізка.
Але калі перачытваю тыя зборнікі сёння, знаходжу тое, што здаецца зусім новым. Грэюць сэрца радкі пра нашу агульную малую радзіму.
“Малаточкам гручыць кавалёк, так паушацку завецца конік. Жытні колас і васілёк, – вы з маіх лугавых летахронік”.
Гэта са зборніка “Свята пчалы” (1975г.). “Няйначай зямляча з Ушачы! – стракоча сарочы базар. Чаканне вавёркаю скача,
стажарыцца смутак зза хмар” (“Абсяг”, 1978г.). “Боль жыве па Гайках, па Ваўчах – вытыркаюцца вёсак скабіны…
Нам ляжаць у адной зямлі – будзем зноў, землякі, суседзямі”. (“Вечалле”, 1980г.). “Як у мястэчку час, ідзе паром.
Надыхалася восенню рака. Халодным адчуваючы нутром бяду, глыбей хавае шчупака”. (“Евангелле ад мамы”, 1995г.).
”Наведвайце бацькоў, пакуль яны жывыя, пакуль дымяцца коміны – нагрэйцеся ў бацькоў”. (“Амплітуда смеласці”, 1983г.).
У некалькіх вершах называе паэт месца свайго нараджэння – хутар Верасоўка, што быў зусім недалёка ад мястэчка Ушачы,
ад таго месца, куды пазней сям’я пераехала на пастаяннае пражыванне. Туды неслі паэта ўспаміны і шчымлівыя адчуванні,
калі прыязджаў дадому з Мінска студэнтам Белдзяржуніверсітэта.
– А мы з бацькам хадзілі ў тое месца, дзе раней быў хутар, і далей у лес за грыбамі, – расказвае ўшачанка Ніна Фёдараўна Цімафеева (Бурак).
– Часам, сустракалі маладога Рыгора Барадуліна са сваёй мамай, ён шчыра вітаўся, імкнуўся загаварыць. Разыходзіліся, і мой бацька
заўсёды прыгадваў, што гэты хлопец піша вершы.
Канечне, у асноўным ушачане вершамі не захапляліся, але так ці інакш з імі сутыкаліся і добра разумелі, што літаратурны талент
дадзены толькі асобным.
Яшчэ жывая была яго маці Куліна Андрэеўна, ціхая, ураўнаважаная, малапісьменная, але з душой добрай і багатай, бясконца верная сыну.
Яна гадавала яго без мужа, які загінуў у партызанах, сваю адзіную крывінку, таму так баялася за яго, так аберагала.
А пазней аберагаў яе памяць ён, верны прадаўжальнік сям’і, які пісаў і пісаў, прысвячаў і прысвячаў вершы не каханкам, а ёй.
А прыйшоў час, і пажадаў легчы на вечны спачын побач з ёю, каб навякі быць разам тут, на Ушаччыне.
Канечне ж фарміраваліся яго любоў да роднага кутка, беларускага слова, настойлівы характар з маленства.
– Мы жылі непадалёк, на адной вуліцы: Школьнай не было, а працягвалася Калінінская, – расказвае ўшачанка Клаўдзія Васільеўна Іванова (Санько).
– Ён на тры гады старэйшы, але разам кароў ганялі ў поле, траву парсюкам збіралі. У нас пяцёра дзяцей гадавалася, вельмі цяжка было,
дык Куліна Андрэеўна бачыць, што я вырастаю з адзення, пакліча мяне і надточыць (а яна гэта ўмела) спаднічку ці сукенку.
Добрыя былі і яна, і Рыгор. А яшчэ цяга да мовы ў яго адчувалася ўжо тады. У мяне цётка жыла ў Падмаскоўі, дык я як пабуду ў яе некаторы час,
так прыязджаю і пачынаю “русіць”, а ён тады перадражнівае мяне…
Любоў Р.Барадуліна да ўсяго роднага, беларускага дапоўнілася пазней вучобай ў Белдзяржуніверсітэце, дзе вывучаў філалогію.
Быў простым ушацкім хлопцам, а з кожным прыездам дадому выяўляў усё большую адукаванасць, мужнеў, а галоўнае
– удасканальваўся ў той справе, якую правільна абраў, правільна развіў. Папрацаваў крыху ў газеце “Советская Белоруссия”.
А больш за ўсё – у часопісах ”Вожык”, “Бярозка”, “Беларусь”, “Полымя”, у выдавецтвах “Беларусь”, “Мастацкая літаратура”.
Займаўся публікацыямі, новымі кнігамі розных літаратараў, паралельна пісаў сам вершы, прозу. Выйшла шмат зборнікаў.
Самы прыкметны з усіх – “Ксты” (2005г.). Яму папярэднічала вывучэнне хрысціянскай літаратуры. Не раз перагаворваючыся
па тэлефоне з Рыгорам Іванавічам, задавала яму пытанне, чым ён займаецца, і чула ў адказ: “Чытаю Біблію”.
Менавіта зборнік “Ксты” з’яўляецца ўзорам духоўнай паэзіі, утрымлівае разважанні вялікага беларускага паэта аб вечным і зямным.
Душой дакранаецца да хрысціянства… Вынікам шматгадовай мэтанакіраванай работы па захаванні нацыянальнай моўнай спадчыны,
мовастваральнай дзейнасці з’явіўся “Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна” 2013 года. Гэта неацэнны скарб, асабліва для ўшачан.
Звычайна наша сям’я ведала па званках з Мінска і ў Мінск час прыезду Барадуліных ва Ушачы на летні адпачынак.
Прыязджалі. Прыходзілі ў госці, і абавязкова Рыгор Іванавіч прыносіў новую кнігу ў падарунак. І вось ужо застаўлена некалькі паліц
гэтымі дарагімі мне рэліквіямі. А сярод іх –“Гуканне паэзіі Усходу” (2007г.) – пераклады з кітайскай, карэйскай, в’етнамскай паэзіі;
“Дажыць да зялёнай травы. Ліставанне і аўтографы Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна (19602003)” (2008г.); “Паслаў бы табе душу.
Ліставанне Рыгора Барадуліна з мамай (19541971)” (2009г.); “Навошта” (2009г.); “Халодная памяць вады” (2010г.); “Лепей.
Рукапісы 19522013”. (2013г.).
Самыя розныя тэмы і формы падачы практыкаваў вялікі літаратурны творца Рыгор Барадулін. Надрукаваны паэмы, проза,
пераклады і наследаванні. Многія яго вершы пакладзены на музыку.
Люблю чытаць успаміны Р.Барадуліна. Такім чынам даведваешся больш аб самім творцы, пра мінулае мястэчка Ушачы,
а нешта прыгадваеш сам. Вось ён піша: “Мама, што называецца, дыхала на мяне. Казала, бывала, як мяне маленькага (
нарадзіўся з дужа малой вагой) клалі спаць у рог падушкі, пасля ў паланачкі”. “Толькі з малаком маці перадаецца натуральная,
родная мова… Вера ў Бога ад матчынай душы, малітва – з вуснаў маці”. “Бацька мамін быў латыш. Рыжанін Галвіньш – механік па млынах”.
“Дужа любіў хадзіць з бацькам у лазню, што стаяла над самай ракой. Бо пасля ішлі да Маймана. Бацька піў піва, мне купляў морс.
…Схадзіць да Фурмана – сфатаграфавацца, схадзіць да Дысмана – купіць нейкіх лахарцікаў”. “Сшыткі рабіліся з усяго, дзе толькі была
папера хоць з малымі прабеламі: з абрыўкаў старых шпалер, з газет, іх зрэдчас можна было купіць на пошце”. ”На пагарэлішчы мама стаўляла хату.
Як вялікую ласку зрабілі – дазволілі перанесці напалову зруб, напалову хаціну, складзеную з тэлеграфных слупоў. Памагаў імшыць і палонны немец”.
“У нас кватараваўся нейкі “кручок”. Ён піў чай з цукрам. Мне дужа хацелася гэтага халоднага лёду… Таму і не магу ніколі есці прысмакі,
калі не магу пачаставаць імі малых”. “Першую сваю настаўніцу не магу ўспомніць добрым словам… Затое прыйшла да нас другая –
станістая, чарнавокая, з цяжкімі косамі Ефрасіння Міхайлаўна… А муж маёй любімай настаўніцы быў пазней дырэктарам школы.
Ад яго я ўпершыню пачуў літаратурна правільную, пявучую, сакавітую беларускую мову. Алесь Антонавіч Карабань.
Ён і з трыбуны падчас прастольных савецкіх свят гаварыў пабеларуску”. Нямала зрабілі для літаратурнага ўмення Рыгора Барадуліна
настаўнікі Фадзей Францавіч Багдановіч, Канстанцін Паўлавіч Баразна, які наладзіў выпуск школьнага літаратурнага альманаха “Першыя крокі”.
У час сваёй работы і творчай дзейнасці Рыгор Барадулін быў у цэнтры літаратурнага працэсу на Беларусі. Ён меў працяглыя адносіны
з вядомымі сабратамі па гэтай дзейнасці, што і занатаваў у сваіх успамінах.
Так многа кніг, такая багатая спадчына вернага сына Беларусі. Ды адыйшоў назаўсёды. Адзін год не дажыў да свайго 80гадовага юбілею.
Да апошняга ўздыху трымаў у сэрцы родную Ушаччыну. Не ведаў лепшага смаку, чым жыць. І застаецца жыць у нашай памяці.
Галіна Варатынская.