У вушацкім касцёле спяваюць народна-барадулінскі гімн

Валянціна Пятроўна Відзевіч - настаўніца нямецкай мовы Ушацкай сярэдняй школы. Мы сядзім з ёй у вельмі ўтульнай школьнай бібліятэцы.
Суразмоўца цалуе партрэт Барадуліна ў кнізе "Ксты". Падчас усёй гутаркі яе голас дрыжыць,
жанчына часта зрываецца на слёзы і з-за гэтага адмаўляецца фатаграфавацца:
- Бог даў нам гэтую зорку, каб праз яго наша зямля была бліжэй да неба. Барадулін ніколі не будзе для нас памерлым.
Ён навечна ў гэтай старане, бо гаварыў на зразумелай усім ушачанам мове - пра праблемы, блізкія яму і нам. Увогуле, пра яго трэба не гаварыць.
Яго трэба чытаць. Чытайце яго - і будзеце з ім. Аднойчы была сустрэча ў гонар паэта ў нашым касцёле. Дык адна жанчына, гандлярка,
тады прызналася са сцэны: "Я цэлую ноч правяла з Барадуліным. Чытала вершы, плакала, малілася…"
"У кожным па яго дабраце Бог расце", - пісаў Рыгор Іванавіч. На маю думку, галоўнае ў Барадуліне – яго шчодрасць.
Шчодрым жа можа быць толькі той, у каго ёсць што даваць. А колькі ўсяго даў Бог Барадуліну!
Мой брат быў ягоным равеснікам. Школьнікі ладзілі канцэрты для калгаснікаў. І Барадулін ужо тады пісаў вершы.
Мама мая запомніла, як ён аднойчы выйшаў на сцэну. Апрануты бедна, але стаў у постаць, натапырыўся, як герой.
І пачаў чытаць верш пра суп. Мама запомніла такія радкі: "Бубіна за бубіной чапляецца з дубіной.
Так, бывала, наясіся, хоць на пупіку круціся". Такі пасля вайны быў суп…
А сястра мая задумала паступаць на артыстку – у кінематаграфічны інстытут у горадзе Савецку Калінінградскай вобласці.
І прачытала на іспыце паэтычны твор па-беларуску. Ні Купалы, ні Коласа, а свайго земляка!
Гэта быў адзін з ранніх вершаў Барадуліна, прысвечаны загінуўшаму на вайне бацьку.
І камісія была дужа ўражана, хоць гэта адбывалася ў рускім горадзе.
Пра Барадуліна ў нас людзі думаюць так: "Ён – канешне ж, свой, выйшаў з нас. Аднак мы, простыя людзі,
- тут, а ён, славуты зямляк, – дзесьці  там, наверсе".
Але калі ў каго былі нейкія патрэбы ці справы ў Мінску, то людзі ішлі да Барадуліна.
І ён нікому ніколі не адмовіў і нічога за гэта не браў, ніякіх сумак ці грошай. Яму было радасна дапамагчы земляку.
Яго дужа любілі дзеці. Калі ўбачаць, што ён тут, на лецішчы, нарвуць яму морквы, буракоў і нясуць.
А ён кожнага пагладзіць, спытае: "Ці вучыце беларускія вершы?".

http://img.tyt.by/620x620s/n/matveeva/0e/9/ushachi_15.jpg

Рака Ушача

Людзі думаюць, што Ушачы – ад слова "вуха". Не! Назва паходзіць ад "усць шаць" – гэта прыгожае месца каля рэчкі.
Дарэчы, Барадулін не казаў: Ушачы. Толькі - Ушача. Гэты варыянт, ён лічыў, найбольш адпавядае беларускаму правапісу.
Я зараз прачытаю вам радкі з кнігі "Ксты":
Храм стыне з босай галавой
Пад чарапіцаю хмурынак.
Мітрэнга ў марнасці муроў
Знайшла апуджаны прыпынак.
Зарос трывогаю спакой.
Ірдзеюць, як Хрыстова кроў,
На сценах гронкі арабінак.
Барадулін зрабіў тут дакладны малюнак таго, якім быў наш касцёл напрыканцы 90-х. Без даху – храм бамбілі немцы, без варот,
унутры зарос дзядоўнікам, а на сценах, як ні дзіўна, прыжыліся рабінавыя дрэўцы, і яны нават чырванелі ягадамі.
Раз на месяц ва Ушачы прыязджаў з Лепеля ксёндз Мечыслаў. Вернікі, а было нас вельмі мала, збіраліся ў прыватным доме.
Аднойчы ксёндз не змог прыехаць. Мы самі ўзялі малітоўнік і пачалі маліцца. Напрыканцы кожны стаў прыносіць свае просьбы да Бога.
Усе просяць здароўя, дабрабыту, а адна бабулька кажа: "Дзеткі, я так хачу, каб аднавілі наш касцёл!".
Мужчыны, якія прысутнічалі на той супольнай малітве, гавораць: "Трэба гэты касцёл хаця б для пачатку вычысціць ад смецця".
І ўжо праз два дні ажыццявілі гэта. Потым да нас далучыліся ўсе месцічы: і праваслаўныя, і баптысты, і нават атэісты.
Бо ўсе хацелі, каб у цэнтры пасёлка было прыгожа. І праз два месяцы ў касцёле адбылася першая пасляваенная імша. Сабралася ўся Ушача!

http://img.tyt.by/620x620s/n/matveeva/05/2/ushachi_1.jpg

Адноўлены касцёл святога Лаўрэна. Цікава, што святыня знаходзіцца на вуліцы ў гонар яшчэ аднаго выбітнага сына вушацкай зямлі - Петруся Броўкі

http://img.tyt.by/620x620s/n/matveeva/0c/e/ushachi_10.jpg

Ушацкая праваслаўная царква ў гонар святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры і Німфадоры
Цалкам аднавілі вушацкую святыню ў 2004 годзе. Касцёл наш носіць імя святога Лаўрэна.
Ягоная выява знаходзіцца і на гербе Ушач. Таму да першай імшы мы склалі гімн пра гэтага святога
- там было тры слупкі па-беларуску. І музыку таксама самі напісалі.
Дык вось ў вялікім натоўпе падчас той памятнай імшы мы нават не адразу заўважылі,
што побач з вушацкім людам стаіць Рыгор Барадулін з жонкай. Яны ўжо збіраліся сыходзіць,
а тут заспявалі гэты гімн у гонар святога Лаўрэна. Паэт рэзка вярнуўся і стаў слухаць песню.
Канешне ж, адразу зразумеў, што гэта самадзейнасць. Пазней ён нам сказаў, што тэкст трэба паправіць.
І зрабіў гэта вельмі далікатна. Ён жа мог не пакінуць ад арыгінала ні костачкі! 
Новы варыянт нам не спадабаўся! Кажам ксяндзу: "У нас было ўсё панятна, па-жыцейску.
А Барадулін нам тут дабавіў нейкіх "горніх высяў". Але святар папрасіў вывучыць барадулінскі тэкст.
Потым мы ўжо зразумелі, што паэт убачыў і перадаў самую сутнасць.
І зараз мы па святах спяваем у касцёле гэты гімн - народна-барадулінскі.
Ён бачыў космас у самых звычайных рэчах. І пакінуў пасля сябе добрае, прыгожае, Божае.

Отредактировано Ушачанка (2014-03-06 21:38:54)